Страницы

Рубрики

Управление

 

Октябрь 2024
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
« Июль    
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031  

Архивы

Последние записи

Последние комментарии

Метки

Яна гарэла любоўю

(да кананізацыі святой прападобнай Манефы Гомельскай)

 

Жыццё не было спагадлівым да гэтай жанчыны. Марыя Скопічава нарадзілася ў цяжкія гады грамадзянскай вайны ў в. Сеўрукі пад Гомелем 1 красавіка 1918 года, у сялянскай сям’і Уладзіміра і Глікерыі Скопічавых. Іх радасць, звязаная з нараджэннем дачкі, хутка змянілася болем – дактары вынеслі прысуд: дзяўчынка ніколі не будзе хадзіць, у яе дзіцячы цэрабральны параліч, і надзеі на яе ацаленне няма. Бацькі не сталі наракаць на лёс, прынялі свой жыццёвы крыж з годнасцю і гадавалі дачку з вераю і любоўю, імкнучыся, каб яна не была абдзеленая нічым у параўнанні з фізічна здаровымі дзеткамі.

З ранняга дзяцінства Марыя была надзвычай чулай: яе душа адгукалася на любоў і дабрыню блізкіх, і дзяўчынка старалася дапамагчы родным чым магла – яна заўсёды знаходзіла сабе занятак: самастойна мыла бялізну на рацэ, прыбірала хату, гатавала ежу. Імкнулася не зважаць на сваю хваробу, быць роўнаю з астатнімі людзьмі і карыснаю для іх. Усе, хто ведаў, любілі яе за вясёлы характар, умелыя рукі і вытанчанае пачуццё густу: Марыя навучылася добра краіць і шыць прыгожае адзенне, і ведаючы гэта, аднавяскоўцы ішлі і ішлі да яе.

Аднойчы ў дзяцінстве Марыя ўбачыла ў сне дзве дарогі і падумала: па якой з іх ёй пайсці? І тут жа пачула голас: “Па левай пойдзеш – спакойна жыццё пражывеш, па правай – тужыць будзеш”. Не вагаючыся Марыя выбрала правы, цяжкі шлях.

Ёй было добра і радасна сярод блізкіх сваякоў і аднавяскоўцаў, яе прызнавалі як роўную і яна ў адказ усімі сіламі старалася адпавядаць гэтаму. Але фізічных сіл не ставала, і гэты недахоп Марыя кампенсавала духоўнымі намаганнямі. З ранняга дзяцінства яна адчувала каля сябе Божую прысутнасць і дапамогу, любіла наведваць царкву і была шчырай малітоўніцай.

Аднойчы ў хату да Скопічавых зайшоў празарлівы жабрак і папрасіў міласціну. Дома была адна Марыя, якая пашкадавала незнаёмага чалавека і дала яму есці. Выходзячы з хаты, удзячны старац сказаў, сустрэўшы на парозе Глікерыю: “Твая манахіня дала мне сала”. Гэты выпадак прымусіў задумацца над далейшым лёсам маладой дзяўчыны. Пражыць у свеце без дапамогі іншых людзей яна не магла, а бацькі ўсё ж нявечныя… Многа слёзных малітваў праліла Марыя да Госпада, просячы вызначыць яе лёс, і нарэшце пагадзілася з прапановай ігуменні Чонкаўскага манастыря матушкі Паліксеніі. У дзень свята Праабражэння Гасподняга Марыя Скопічава прыняла манаскі пострыг з імем Манефы, і ўсю гарачнасць сэрца, усе сілы душы аддала на служэнне Богу і людзям. Паздней яна прыняла і пострыг у вялікую схіму ад свайго духоўнага айца – аднога з апошніх Опцінскіх старцаў схіігумена Макарыя.

У манастыры фізічна слабая дзяўчына ўмацоўвалася духам. Усё яе жыццё стала бесперапыннай малітвай. За шчырасць, адданасць і душэўную чысціню Марыя (цяпер ужо матушка Манефа) яшчэ ў маладосці атрымала ад Бога дар празарлівасці.

З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны 23-гадовая м. Манефа пакінула Чонкаўскі манастыр і пасялілася ў в. Вішнёўка Цярэніцкага сельсавету ў сям’і пажылых супругаў Кізёвых. У Вішнёўцы ў гады вайны існаваў цікавы абрад, шырока распаўсюджаны на Палессі: штогод 24 верасня з хаты ў хату жанчыны пераносілі драўляную “свячу” і ікону, верачы, што гэтая малітоўная абарона дапаможа іх мужам і сынам на фронце застацца жывымі. Драўляную “свячу” апраналі ў палатнянае “адзенне” і ўрачыста, хросным ходам пераносілі на вясковай вуліцы. Свечку перад абразом заўсёды трымала манахіня Манефа, якую людзі неслі на плячах. Адначасова на хаду матушку запытвалі пра лёс сваіх дзяцей, мужоў, сваякоў, якія былі на вайне. Матушка Манефа расказвала ім пра лёс блізкіх, але ўдоў шкадавала і не заўсёды паведамляла ім аб смерці іх мужоў.

Матушка спачувала ўсім, асабліва хворым і нядужным, дапамагала ім і справаю, і малітвай, і ўдзячныя людзі заўжды адказвалі ёй шчырай любоўю. Асабліва сябравалі з матушкай Манефай муж і жонка Філіп і Ганна Міроненкі. Пасля вайны з-за малой рухомасці матушка вельмі распаўнела, і Філіп зрабіў для яе вазок, у якім вазіў матушку на святы ў царкву. Аднойчы ў дарозе з імі адбыўся такі выпадак: калі яны ехалі з Вішнёўкі ў Гомель, матушка раптам сказала: “Філіпушка, хутка нам сустрэнуцца нядобрыя людзі, дык ты абыдзіся з імі ціхенька, не пярэч ім”. У тыя часы пасля вайны было вельмі небяспечна знаходзіцца ў позні час воддаль ад населеных пунктаў, але Філіп, валодаючы незвычайнай фізічнай сілай, ніколі нікога не баяўся. Калі ж яны з матушкай пад’язджалі да вёскі Заліп’е, іх спынілі сем бандытаў, акружылі вазок, на якім сядзела матушка Манефа, і папрасілі закурыць. Філіп не стаў пярэчыць і аддаў бандытам свой улюбёны трафейны кісет з тытунём, і бандзюкі спакойны прапусцілі іх. Аднавяскоўцы здівіліся гэтаму выпадку, бо разумелі, што толькі дзякуючы малітвам матушкі Манефы адбыўся такі цуд.

У хуткім часе матушцы прыйшлося развітацца з добрымі жыхарамі Вішнёўкі, бо ў Сеўруках памерла яе сястра і пакінула малога пляменніка Васіля, якому была патрэбна яе дапамога (як і ёй ягоная). Цяпер матушка Манефа ўжо не была самотнаю, бо побач з ёю быў родны чалавек.

Жыццё ў Сеўруках не было лёгкім ні для каго з іх жыхароў… Было вельмі цяжка з прадуктамі, і аднойчы зімой здарылася так, што матушка Манефа тры дні не ела нічога, акрамя кіпеню. Яна ўжо рыхтавалася да галоднай смерці, як у гэты момант у хату зайшла Ганна Міроненка – з далёкай Вішнёўкі яна прынесла дарагой матушцы мяшок сухароў. Расчуленая душэўнай дабрынёй Ганны, матушка Манефа, узяўшы ад яе сухары, сказала: “З гэтага часу не сыйдзе хлеб са стала тваіх дзяцей і ўнукаў”. Так і сталася.

Пасля вайны па Беларусі, як і па ўсім СССР, прайшла хваля рэпрэсій супраць вернікаў і святароў. Былі зачыненыя храмы і манастыры, арыштавана святарства і манаства. Матушка Манефа, як і многія іншыя насельнікі разбураных манастыроў, жыла ў роднай вёсцы, але людзі пра яе ведалі і прыходзілі па духоўную параду і малітоўную дапамогу праз дзясяткі вёрст. Начуўшыся пра матушкіну дабрыню і спагаду, пра выпадкі цудоўных ацаленняў па яе малітвам, людзі не бянтэжыліся з-за таго, што бачылі перад сабою маладую манашку, а не старыцу сталага веку. З людзьмі матушка Манефа размаўляла проста, спакойна, ніколі ні на каго не ўзвышала голас, ведала, хто з якімі думкамі да яе ішоў: тым, хто прыходзіў да яе “паваражыць”, казала: “Я не гадалка” і не размаўляла з імі, а тым, хто сапраўды шукаў яе дапамогі, расказвала аб самым патаемным у іх душы, распавядала аб іх мінулым, прадказвала будучае, давала парады, накіроўвала на верны жыццёвы шлях. Яе парады былі простыя і дзейсныя, прасякнутыя сур’ёзнасцю, надзвычайнай сілай і перакананасцю. Галоўнае, чаму вучыла матушка, здавалася б, агульнавядомае: малітва, пакаянне, міласэрнасць. Усім людзям яна раіла чытаць акафісты Божае Маці, падаваць міласціну за жывых і памерлых, па магчымасці часцей бываць у Божым храме. Многія, выконваючы матушкіны парады, ацаляліся ад невылечных хвароб, стваралі шчаслівыя сем’і, мелі поспех у працы і розных справах, а тыя, хто не слухаліся матушкі, вельмі аб тым пасля шкадавалі.

У галодны пасляваенны час матушка Манефа вельмі саромелася браць ад людей падарункі, якія прыносілі да яе ў знак удзячнасці за дапамогу. Але духаўнік блаславіў яе прымаць гэтыя ахвяраванні і аддаваць тым людзям, якія маюць патрэбу ў прадуктах і рэчах. Ніхто з прыходзячых па параду і дапамогу да матушкі Манефы (а гэта былі не толькі простыя сяляне, але і службоўцы, і рабочыя, і нават святары) не адыходзіў ад яе галодным, атрымваў не толькі параду і духоўна-душэўнае суцяшэнне, але і харчовую дапамогу. У дні царкоўных святаў і па нядзелях матушка бласлаўляла блізкіх рабіць абеды, на якія збіраліся жыхары вёскі і ўсе тыя, хто у той дзень быў яе госцем (звычайна – некалькі дзясяткаў чалавек). Традыцыя гэта захоўвалася да канца матушкінага жыцця.

Каля фізічна нямоглай, але духоўна моцнай матушкі Манефы збіраліся аднадумцы і блізкія па духу і веры людзі: манахіні Ганна і Фаціння, іншыя. А аднойчы матушку наведаў афіцэр Чырвонай арміі, былы франтавік шчыры вернік Мікалай Малічаў, убачыўшы ўпершыню якога, матушка Манефа ўпэўнена сказала: “Будзеш святаром!” Пакінуўшы працу на дрэваапрацоўчым камбінаце (дзе Мікалай рабіў пасля звальнення з войска), ён без ваганняў прыняў манаства і стаў святаром, і да канца жыцця быў пад духоўным кіраўніцтвам матушкі Манефы. Памёр іераманах Мікалай Малічаў у 1987 годзе, на 3 гады перажыўшы сваю духоўную маці.

У Сеўруках вакол матушкі Манефы і айца Мікалая склаўся сваеасаблівы невялікі манастыр, што вельмі непакоіла мясцовыя партыйныя ўлады, якія змагаліся супраць яго рознымі сродкамі, нават праз артыкулы ў мясцовых газетах. Але тым самым толькі стваралі “рэкламу”, і ўсё больш і больш людзей даведваліся пра незвычайную зямлячку. У старшыні калгаса Васіля Канановіча партыйцы патрабавалі аддаць матушку Манефу ў дом інвалідаў, але Канановіч быў сумленным чалавекам і, не спалохаўшыся ўладаў, абараніў матушку. На нейкі час яе пакінулі ў спакоі.

Да канца жыцця матушка Манефа пражыла ў Сеўруках і ў памяці ўдзячных сеўрукоўцаў засталася жыццярадаснай, ветлівай, чалавекам святога жыцця, іх абаронцай і апякункай. Пры яе жыцці ўсе нягоды абміналі вёску. Матушкіна малітва нават спыняла пажары, дапамагала знаходзіць злачынцаў (было некалькі выпадкаў, калі забойцы, якіх некалькі месяцаў не магла адшукаць міліцыя, пасля таго як змучаныя горам людзі звярталіся да матушкі Манефы, самі з’яўляліся да сваякоў забітых імі людзей, шчыра раскайваліся ў зробленым і распавядалі, дзе яны схавалі целы забітых). Прадказала матушка і лёс землякоў пасля будучай Чарнобыльскай катастрофы… Неадначасова яна бачыла з’яўленні святых і нават Божае Маці.

У Сеўруках не было свайго храма, і матушка Манефа ездзіла маліцца ў Свята-Мікольскі храм вёскі Крыўск Рагачоўскага раёна, куды накіравалі служыць айца Мікалая Мамічава, у Гомель, у Жыровічы. Малілася матушка не толькі за сябе, за сваіх сваякоў і знаёмых, але і за ўвесь свет. У вольны час матушка займалася рукадзеллем, і між іншым, многія храмы аздоблены зробленымі яе рукамі прыгожымі ручнікамі. У Свята-Петра-Паўлаўскім саборы Гомеля захоўваецца любімая матушкіна ікона Найсвяцейшай Багародзіцы“Спагнанне загінуўшых” (“Взысканіе погібшых”) – у прыгожым кіёце, перададзеная ў гэты храм пасля смерці матушкі Манефы.

Ведалі і паважалі, нярэдка карысталіся парадамі матушкі Манефы многія свяшчэннікі: Высокапраасвяшчэннейшы Мітрапаліт Антоній (Мельнікаў; +1987), епіскап Глеб (Савін; + 2000); гомельскія святары айцы Міхаіл Мандрык, Сцяфан Гладышчук, Фёдар Харык; з Мозыра айцец Васілій Тур; айцец Міхаіл з Лоева, протаіерэй Георгій Дзічкоўскі, протаіерэй Васілій Капычка, протаіерэй Пётр Поўны (цяпер – жыровіцкі архімандрыт Феадосій) з сям’ёй (яго тром сынам матушка Манефа таксама прадказала святарскае служэнне); жыровіцкія архімандыт Філіп (Крукоўскі; +1993) і ігумення Еўфрасіння; браты протаіерэй Яўгеній і дыякан Мікалай Конанавы і іх сваякі.
Фізічна нямоглая на працягу ўсяго жыцця, у канцы яго матушка Манефа вельмі цяжка хварэла, так што блізкія непакоіліся за яе жыццё, і некалькі разоў была блізкай да смерці. Два апошнія месяцы яна нічога не ела, толькі па кроплях піла святую ваду. Памерла схіманахіня Манефа (Скопічава) 25 лютага 1984 года ў акружэнні блізкіх ёй людзей. На пахаванні і адпяванні матушкі сабраліся многія дзясяткі яе духоўных дзяцей і ведаўшых яе святароў. Сваё спачуванне з нагоды яе спачыну даслаў з Мінска Высокапраасвяшчэннейшы Уладыка Філарэт.

Пахавалі матушку Манефу на могілках у роднай вёсцы Сеўрукі, над магілай паставілі сціплы крыж і фотаздымак з указаннем датаў нараджэння і смерці. Побач з ею потым былі пахаваныя і іншыя насельнікі “сеўрукоўскага манастыра”: іераманах Мікалай (Мамічаў), матушкі Ганна і Фаціння.

Ішлі гады, але памяць пра матушку Манефу заставалася жывою ў сэрцах усіх, хто яе ведаў. Штогод 25 лютага збіраліся духоўныя дзеці і аднавяскоўцы матушкі на яе магіле, змянілася некалькі пакаленняў сеўрукоўцаў, але ўсе яны ведаюць аб сваёй незвычайнай зямлячцы, дапамога якой не спыняецца ужо больш за тры дзесяцігоддзя пасля яе смерці.

Па блаславенні Высокапраасвяшчэннейшага Арыстарха, Архіепіскапа Гомельскага і Жлобінскага, раніцай 11 жніўня 2006 года святарамі Гомельскага Свята-Петра-Паўлаўскага сабора адбылося адкрыццё мошчаў схіманахіні Манефы. Усе прысутныя пры гэтым адчувалі незвычайна прыемны водар.

Праз год, у гадавіну аднойдзення мошчаў, 11 жніўня 2007 года ў кафедральным Свята-Петра-Паўлаўскім саборы Гомеля адбылася кананізацыя схіманахіні Манефы (Скопічавай). Святая прападобная Манефа Гомельская была далучана да ліку Собора ўсіх Беларускіх Святых і гэты дзень у царкоўным календары стаў днём яе памяці.

Мне, аўтару гэтых радкоў, давялося неаднойчы адчуць на сабе дапамогу прападобнай матушкі Манефы: першы выпадак звязан з тым, што я позна даведалася пра дакладную дату яе кананізаціі, і білетаў – ні плацкартных, ні якіх іншых - на цягнік да Гомеля за дзень да ўрачыстасці ўжо не было. Але спадзяючыся на цуд, я ўсё ж-такі папрасіла касіра на мінскім чыгуначным вакзале паспрабаваць пашукаць, і знайшліся два білеты – купэйныя, на верхніх паліцах. Такім чынам я паспела прыехаць у Гомель накануне кананізацыі, увечары ў пятніцу. Наведала Петра-Паўлаўскі сабор, пераначавала ў вакзальнай гасцініцы. А ў суботу раніцай, спяшаючыся ў храм, паслізнулася і ўпала на шырокіх вакзальных гранітных прыступках (упала з усяго размаху, на калені, з’ехала праз некалькі праз некалькі прыступак уніз). На дзіва, вынікам падзення стаў толькі невялікі сіняк на левай назе і лёгкі боль, які хутка прайшоў. За тыдзень, які мінуў з кананізаціі матушкі, адбыліся яшчэ некалькі дзіўных выпадкаў, але абмежаваны аб’ём публікацыі не дазваляе распавесці іх усе.

 

За больш падрабязнай інфармацыяй адсылаю цікаўных чытачоў “ЛІМа” да кніжкі “Житие преподобной Манефы Гомельской”, выдадзенай у Гомелі ў жніўні 2007 года, якой я і карысталася пры падрыхтоўцы гэтага матэрыяла.

 

Ангеліна Міронычава-Дабравольская.

Write a comment